Группа компаний

СПАЧАТКУ

20 верасня 2012 года ў 17.00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца адкрыццё выставы выпускнікоў і педагогаў фоташколы  “Свет Фота”. Выстава “Спачатку” прысвечана пяцігоддзю дзейнасці фоташколы. Арганізатарамі выставы з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, творчы саюз “Фотамастацтва” і фоташкола “Свет Фота”.

У кожнай справе спачатку трэба вывучаць азы, у фотамастацтве – гэта базавыя веды, апора для прафесіянала і платформа для творчасці фотамастака. Сапраўдны фотаздымак заўсёды нясе святло і зачараванне, нават калі прыходзіцца фатаграфаваць у прыцемку.

На экспазіцыі дэманструюцца лепшыя работы выпускнікоў фоташколы розных гадоў і розных па складанасці і напоўненасці курсаў, а таксама
іх настаўнікаў. Фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, былі створаны
як у працэсе навучання, так і ў выніку самастойнага пошуку.
Выстава “Спачатаку” не магла абмінуць такія жанры, як пейзаж
і партрэт. Увазе публікі прапануюцца папулярныя ў пачынаючых фотамастакоў усход сонца і змярканне, але колькі чароўнага можна ўбачыць
і ў звычайным пейзажы. Студыйны партрэт дэманструе не толькі прафесійны ўзровень работы са святлом, але і пошукі фатографаў у спасціжэнні ўнутранага свету асобы. Прадстаўлены і іншыя жанры фота: архітэктурны ландшафт, макраздымкі, рэпартаж і нацюрморт. Кожная  работа прасякнута жаданнем паказаць прыгажосць акаляючага нас свету.                                                                                                                                                                                                                    
Сваім з’яўленнем фоташкола абавязана музею-галерэі “Свет Фота”
і аднайменнай фірме Віктара Суглоба. Першымі выкладчыкамі былі Віктар Суглоб, Сяргей Качаргін, Юрый Васільеў. Усе яны маюць за плячыма шматгадовы вопыт у мастацтве фота, з’яўляюцца членамі творчага саюза “Фотамастацтва”, народнага фотаклуба “Мінск”. Закладзены імі фундамент у першы курс “Асновы класічнага фоатаздымка” і стаў вызначальнай рысай фоташколы – сур’ёзнай базавай падрыхтоўкай у фотамастацтве.

Выстава будзе працаваць з 20 верасня па 13 кастрычніка 2012 года.
Наш адрас: мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі); кант. тэл.: 327 - 26 - 12. Мы працуем: 11.00 – 19.00.
Выхадныя: нядзеля, панядзелак. Уваход вольны.

 

Mystore Are you sure that you want to switch to desktop version?